РЫ́ЦАРСКАЕ ПРА́ВА, ваеннае права,

сукупнасць юрыд. норм, якія рэгламентавалі побыт і праваадносіны ў рыцарскім войску. Юрыд. адносіны, што складваліся пры нясенні вайсковай службы, рэгуляваліся сац. становішчам чалавека. У ВКЛ больш цяжкую вайсковую службу неслі рыцары — шляхта, баяры, якія павінны былі заўжды быць гатовымі да вайны. Першымі вайсковымі законамі былі пастановы Новагародскага (1502), Віленскага (1507), Менскага (1507) і інш. соймаў. Кадыфікацыя Р.п. ўпершыню рэгламентавана ў Статуце ВКЛ 1529, які вызначыў кола ваеннаабавязаных, прадугледжваў меры пакарання за невыкананне вайсковых абавязкаў і за злачынствы, учыненыя ратнікамі, рэгламентаваў правы і абавязкі гетмана. Больш падрабязна пытанні Р.п. рэгламентаваны ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588. Першае сістэматызаванае выданне актаў па вайсковым праве — «Артыкулы вайсковыя» — ажыццёўлена ў 1754 у Нясвіжы.

Я.​А.​Юхо.

т. 13, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)